ЛІ́ЧБАВАЯ ПРЫЛА́ДА,
вымяральная прылада, у якой вынікі вымярэнняў неперарыўнай велічыні (напружання, сілы току, эл. супраціўлення і інш.) аўтаматычна ператвараюцца ў дыскрэтныя сігналы і адлюстроўваюцца ў выглядзе лічбаў на лічбавым індыкатары або перадаюцца для апрацоўкі і захоўвання ў ЭВМ.
Адліковыя прыстасаванні Л.п. бываюць электронныя, светлавыя, на вадкіх крышталях і інш. Найб. пашыраны Л.п. з электронным адліковым прыстасаваннем на лічбавых індыкатарных лямпах (пераважна газаразрадных індыкатарах). Вызначаюцца высокім хуткадзеяннем, дакладнасцю, незалежнасцю (аб’ектыўнасцю) паказанняў ад становішча назіральніка. Выпускаюцца лічбавыя вальтметры, частатамеры, амперметры, масты вымяральныя, манометры і інш.
т. 9, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)